ДУНА́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА, лінейна-стужачнай керамікі культура,

археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі ў бас. Дуная. У 4500—4000 г. да н.э. распаўсюдзілася ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Больш за 40 помнікаў Д.к. вядомы на З Валыні, яе ўплывы і знаходкі сустракаюцца ў паўд.-зах. Беларусі. Насельніцтва Д.к. займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыллё — паўзямлянка, у зах. ч. арэала — наземнае слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Для Д.к. характэрны шарападобныя гаршкі з цыліндрычным горлам, крамянёвыя нажы, скрабкі, пласціны для сярпоў, наканечнікі стрэл, каменныя зерняцёркі, сякеры і інш. Д.к. ўплывала на нёманскую культуру.

У.Ф.Ісаенка.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)